НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст. дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
т. 11, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)